Асноўныя аспекты гендэрнага кантэнт-аналізу навучальнай літаратуры на аснове беларускага і міжнароднага досведу
Гендэралогія з’яўляецца вельмі маладой навукай. Упершыню тэрмін “гендэр” увёў Роберт Столер у 1968 годзе, вызначыўшы яго як “сукупнасць норм паводзінаў і пазіцый, якія звычайна асацыююцца з асобамі мужчынскага і жаночага полу ў канкрэтным грамадстве”. Такім чынам, гендэрны падыход базуецца не на біялагічных (фізіялагічных ці анатамічных) адрозненнях паміж мужчынам і жанчынай, а на тым культурным і сацыяльным значэнні, якое грамадства надае гэтым адрозненням. Пры гэтым гендэрныя даследаванні знаходзяцца ў цеснай сувязі з псіхалогіяй, сацыялогіяй, лінгвістыкай, культуралогіяй, статыстыкай, г. зн. з’яўляюцца міждысцыплінарнымі. Адзін з накірункаў гендэралогіі сфармаваў такую галіну ведаў, як гендэрная лінгвістыка.