Відэафільм
Гендэрная асвета ў школе: польскі досвед
Фрагмент 1. |
Гендэрныя стэрэатыпы і дыскрымінацыя жанчын |
Голас за кадрам | З пункту гледжання развіцця і зменаў, з гэтым звязаных, школьны перыяд з’яўляецца адным з найбольш інтэнсіўных у жыцці чалавека. Увесь гэты час, што аддзяляе маленства ад даросласці, багаты зменлівасцю на ўзроўні фізіялогіі, фармавання асобы, грамадзянскага і пазнаваўчага развіцця. Змены на гэтых узроўнях звязаныя паміж сабой і ўзаемна дапаўняюцца. Асабліва гэта заўважальна сярод падлеткаў. Дзяўчына ці юнак, сталеючы, перажывае інтэнсіўныя фізічныя змены – арганізм даспявае, з’яўляюцца вонкавыя палавыя прыкметы, фармуецца дзетародная функцыя. Гэта вядзе за сабой развіццё свядомасці маладога чалавека, які пачынае бачыць сябе як жанчыну ці мужчыну. Сексуальная складаючая становіцца адным з найважнейшых пунктаў у мысленні пра сябе і ў фармаванні самаацэнкі. Пачынае праяўляцца зацікаўленне супрацьлеглым полам, перажываюцца першыя захапленні і закаханасць. Адначасова ў дзяўчыны ці юнака адбываюцца пераломныя змены ў пазнаваўчым развіцці, што цягне за сабою трансфармацыю мыслення. Падлетак пачынае карыстацца складанымі інтэлектуальнымі інструментамі: напрыклад, лагічным разважаннем. Дасягненне гэтай стадыі пераносіць чалавека ў прасторы абстрактнага мыслення. Гэта дазваляе дзяўчыне ці юнаку будаваць уласны спосаб светаразумення, сваю сістэму каштоўнасцяў. Падлеткі шукаюць месца ў жыцці, імкнуцца дасягнуць аўтаноміі ў мысленні і дзеянні, што дазволіць ім у будучыні жыць самастойна і адказна. Адначасова ў свядомасці маладзёнаў актыўна замацоўваюцца схемы поларолевых паводзін, якія вызначаюць адносіны з іншымі людзьмі: сябрамі, калегамі, аднакласнікамі, бацькамі, выпадковымі мінакамі і т. д. Гэтыя стасункі не маюць непасрэднага дачынення да біялагічнай прыроды чалавека. Поларолевыя паводзіны адносяцца да грамадскай сферы. Таму важна сфармаваць у свядомасці падлеткаў разуменне сябе як жанчыны/мужчыны з сацыяльнага пункту гледжання. І тут варта памятаць, што стэрэатыпныя ролі і паводзіны могуць прыводзіць да няроўнасці паміж паламі. |
Магдалена Хонкіш, настаўніца (Гдыня, Польшча) | Жанчынам цяжэй дасягнуць поспеху, ім прызначаны пэўныя ролі, і людзі талерантна глядзяць на такія адносіны, з якімі немагчыма пагадзіцца. Напрыклад, на анекдоты на жаночыя тэмы, на ігнараванне жанчын, на прыняцце рашэнняў за іх. |
Малгажата Тарасевіч, прадстаўніца жаночай арганізацыі (Гданьск, Польшча) | Вельмі важна мяняць стэрэатыпныя ўяўленні пра мужчын і жанчын, бо яны з’яўляюцца асновай, крыніцай разнастайнай дыскрымінацыі. Напрыклад, адсюль вынікае гвалт у дачыненні да жанчын, бо на жанчыну глядзяць як на рэч, як на нешта горшае. Калі мы кажам пра становішча на рынку працы, дзе мужчына зарабляе больш, а жанчына – менш, то гэтае вынікае з таго, што лічыцца, быццам жанчыне трэба менш грошай. Маўляў, мужчына – галава сям’і, а жанчына ў сям’і падпарадкоўваецца. І каб змяніць такія адносіны, неабходна з маленства фармаваць іншы пункт погляду. |
Фрагмент 2. |
Гендэрная асвета як элемент школьнай адукацыі |
Голас за кадрам | Каб выхаваць іншае бачанне поларолевых паводзін, у свеце пашыраецца гендэрная асвета. Яна была ініцыяваная ў краінах Еўрапейскага Саюза. Рэй вядуць скандынаўскія дзяржавы. Новыя члены ЕС, у тым ліку Польшча, паступова ўключаюць элементы гендэрнай асветы ў школьную адукацыю. Пачатак быў зроблены грамадскімі арганізацыямі. |
Ганна Адрабіньска, грамадская актывістка (Гданьск, Польшча) | Прадстаўнікі нашага аб’яднання – Адукацыйнага таварыства "Ведза паўшэхна” – некалькі разоў вучылі групы настаўнікаў асновам гендэра. Агулам мы падрыхтавалі каля ста чалавек з розных населеных пунктаў Паморскага ваяводства. Гэта дастаткова многа для такога рэгіёну. Педагогі жыва ўключыліся ў гендэрную асвету. Яны перадалі нам канспекты сваіх урокаў ці пазакласных мерапрыемстваў. Гэтыя сцэнары мы выдалі асобнай брашурай. Матэрыялы, распрацаваныя педагогамі, таксама размешчаны на Інтэрнет-старонцы нашай грамадскай арганізацыі. Такім чынам, тэарэтычным і практычным досведам гендэрнай асветы можа карыстацца кожны зацікаўлены чалавек з любой польскай мясцовасці. |
Голас за кадрам | Уключэнне элементаў гендэрнай асветы ў школьнае жыццё праходзіць не толькі праз падрыхтоўку педагагічных кадраў. Некаторыя ўрадавыя структуры, недзяржаўныя арганізацыі і навуковыя ўстановы аналізуюць змест навучальных праграм і вучэбнай літаратуры. Напрыклад, падручнікі падвяргаюцца дэталёвай гендэрнай экспертызе. |
Малгажата Тарасевіч, прадстаўніца жаночай арганізацыі (Гданьск, Польшча) | Жаночыя арганізацыі даследавалі падручнікі. Яны выявілі стэрэатыпны падыход, які трэба мяняць. Вынікі даследаванняў перададзены ў мінадукацыі. |
Голас за кадрам | Аналіз вучэбнай літаратуры зафіксаваў шмат праблемных момантаў. Заўважана, што падручнікі ігнаруюць дзяўчатак як суб’ект адукацыі і выхавання. Напрыклад, у рэкамендацыях, пытаннях і заданнях ужываюцца словы "вучань”, "школьнік”, "навучэнец”, нібыта гэтыя кнігі прызначаны толькі для прадстаўнікоў мужчынскага полу. Адзначана, што, як правіла, вучэбныя дапаможнікі змяшчаюць у тэкстах ды ілюстрацыях застарэлыя погляды на ролі жанчын і мужчын у грамадстве і сям’і. |
Малгажата Тарасевіч, прадстаўніца жаночай арганізацыі (Гданьск, Польшча) | Калі мы кажам пра мужчыну, то ён працуе інжынерам, стомлены вяртаецца дадому. Сядзіць, глядзіць тэлевізар. Ну, можа, зробіць нейкі дробны рамонт. А калі мы гаворым пра жанчыну, то яна прыбірае, гатуе і падае ежу, займаецца дзіцём і даглядае пажылых людзей. |
Магдалена Хонкіш, настаўніца (Гдыня, Польшча) | Па-ранейшаму распаўсюджаны вобраз актыўнага хлопчыка і спакойнай, статычнай дзяўчынкі. |
Голас за кадрам | Зацікаўленне тэматыкай роўнасці палоў паступова пашыраецца ў настаўніцкім асяроддзі. Зноў жа тут дапамагаюць грамадскія аб’яднанні і ініцыятывы. Некаторыя з іх робяць гэтае сістэматычна і на высокім узроўні. |
Малгажата Тарасевіч, прадстаўніца жаночай арганізацыі (Гданьск, Польшча) | Нас запрашаюць у школы з лекцыямі, каб азнаёміцца з нашым меркаваннем. Мы папулярызуем уласныя кнігі, якія тычацца становішча жанчын. Школьныя бібліятэкі звяртаюцца да нас з просьбай перадаць ім выданні такога тыпу. |
Фрагмент 3. |
Гендэрная асвета ў Польшчы: грамадскі і палітычны кантэксты |
Голас за кадрам | Міністэрства нацыянальнай адукацыі не паслядоўнае ў сваёй гендэрнай палітыцы. І так адбываецца зусім невыпадкова. Чыноўнікі ад адукацыі залежаць ад сацыяльных настрояў і ад пазіцыі вядучых грамадска-палітычных гульцоў: ураду, партый, недзяржаўных арганізацый, сродкаў масавай інфармацыі, духавенства. Кансерватыўныя сілы не разумеюць патрэбу ў гендэрнай асвеце моладзі. Апроч таго, часам яны стрымліваюць іншыя дзеянні, накіраваныя на павышэнне ролі жанчын у грамадстве. |
Ганна Адрабіньска, грамадская актывістка (Гданьск, Польшча) | У Польшчы ёсць вельмі моцныя кансерватыўныя сілы. Яны, нягледзячы на тое, што нацыянальнае заканадаўства поўнасцю выраўняла правы жанчын і мужчын, супраціўляюцца павышэнню сацыяльнага значэння жанчын. І вялікую ролю ў гэтым адыгрывае Каталіцкая Царква, якая падтрымлівае традыцыйную кансерватыўную мадэль сям’і. Апроч таго, ёсць надзвычай строгі закон пра аборты, які ў значнай ступені абмяжоўвае правы жанчын. |
Малгажата Тарасевіч, прадстаўніца жаночай арганізацыі (Гданьск, Польшча) | У Польшчы, як і некаторых іншых дзяржавах, назіраецца вельмі моцны ўплыў Каталіцкай Царквы. І незалежна ад таго, якая партыя кіруе – левая ці правая, яна павінна ў сваёй палітыцы ўлічваць пазіцыю каталіцкіх колаў, бо інакш не атрымае падтрымкі на выбарах. Царкоўнае асяроддзе замацоўвае стэрэатыпнае ўспрыманне роляў жанчын і мужчын. |
Голас за кадрам | Але нягледзячы на пэўныя складанасці, гендэрная асвета ў Польшчы выразна заявіла пра сябе. У межах мясцовай школьнай сістэмы гэта зрабіць прасцей, чым у асобных постсавецкіх дзяржавах. Адукацыйны і выхаваўчы працэс тут базуецца на дэмакратычных прынцыпах. Педагогі самі выбіраюць найбольш патрэбнае з розных метадычных школ, навучальных праграм, вучэбных дапаможнікаў. Настаўніцтва не абцяжарана залішнімі забаронамі ці дадатковымі абавязкамі. |
Фрагмент 4. |
Што такое польская школа? |
Голас за кадрам | Пасля крушэння сацыялістычнага ладу дзяржаўнае школьніцтва Польшчы прайшло перыяд інтэнсіўнага рэфармавання. Зараз яно складаецца з трох навучальных этапаў. |
Ганна Адрабіньска, грамадская актывістка (Гданьск, Польшча) | Першая ступень – гэта шасцігадовая пачатковая школа. Другі ўзровень – гэта гімназія, у якой дзеці вучацца тры гады. Гэтыя два этапы з’яўляюцца абавязковымі для ўсіх дзяцей. Затым можна вучыцца далей. І тут мы ўжо маем паслягімназічныя школы. Можна выбраць прафесійнае вучылішча. Але такіх навучальных устаноў зараз няшмат. Або можна пайсці ў ліцэй, які з’яўляецца сярэдняй агульнаадукацыйнай школай з нейкім ухілам. |
Голас за кадрам | Стаўка школьнага настаўніка ці настаўніцы складае 18 гадзін у тыдзень. Польскі педагагічны персанал атрымлівае адносна невялікія даходы. У залежнасці ад настаўніцкай катэгорыі, стажу працы і колькасці гадзін зарплата складае ад палутара да трох мільёнаў рублёў у пераліку на беларускія грошы. Гэта менш, чым у сярэднім па краіне. Таму польская сістэма адукацыі нагадвае беларускую школу: яна моцна фемінізаваная. |
Малгажата Тарасевіч, прадстаўніца жаночай арганізацыі (Гданьск, Польшча) | Я магу прывесці прыклад школы майго сына. Там працуюць тры настаўнікі-мужчыны, астатнія педагогі – жанчыны. Адзін з настаўнікаў вядзе фізкультуру, другі – інфарматыку, трэці – матэматыку. Ім рэдка калі даюць класнае кіраўніцтва. Звычайна класнымі працуюць жанчыны. |
Фрагмент 5. |
Польская школа: ад традыцыйнага навучання да інавацый |
Голас за кадрам | На сённяшні дзень традыцыйнае навучанне з’яўляецца самым распаўсюджаным у Беларусі. У сярэдняй школе больш за 90% настаўнікаў карыстаюцца старымі методыкамі. Навучанне ведам, уменням і навыкам адбываецца паводле схемы: вывучэнне новага – замацаванне – кантроль – ацэнка. У Польшчы традыцыйны падыход выцясняецца іншымі відамі перадачы ведаў. Тэндэнцыі, што адбываюцца ў сучасным свеце – глабалізацыя, развіццё рынку працы, шырокае выкарыстанне інфармацыйных тэхналогій, – вымагаюць ад чалавека іншых якасцяў і здольнасцяў. Адпаведна мяняецца і адукацыйны працэс. На змену традыцыйным падыходам, арыентаваным на назапашванне і засваенне ведаў, прыходзяць інавацыйныя. |
Магдалена Хонкіш, настаўніца (Гдыня, Польшча) | Актывізуючыя методыкі могуць выклікаць псіхалагічныя цяжкасці для настаўніка, калі нешта адбываецца не так, як ён задумаў. Такія метады прызначаны для педагогаў, якія ўмеюць паводзіць сябе гнутка і здольныя выйсці са складанага становішча. Гэта праблема падрыхтоўкі. Але гэта таксама пытанне перакананасці ў тым, што свет не абрынецца, калі нешта пайшло не так, як мы запланавалі. Можна зноў вярнуцца да нявырашанай задачы, а можна і дараваць сабе некаторыя рэчы. І тады можа з’явіцца нешта цікавае, новае. Плюс гэтых методык у тым, што немагчыма ўсё пралічыць да канца і ведаць, што атрымаецца ў выніку, бо дзеці – гэта творчыя асобы. Яны больш крэатыўныя, чым дарослыя. |
Фрагмент 6. |
Мазгавы штурм |
Голас за кадрам | Адна з актывізуючых методык – мазгавы штурм. Ён з’яўляецца тэхнікай, якая дазваляе за кароткі час атрымаць вялікую колькасць разнастайных адказаў. Пабачым, якіх вынікаў можна дасягнуць, выкарыстоўваючы такі метад. Настаўніца зараз зачытае асацыяцыі старшакласнікаў на тэрмін "стэрэатып”. У гэтым класе ўжо неаднаразова праходзілі заняткі па гендэрнай асвеце. |
Магдалена Хонкіш, настаўніца (Гдыня, Польшча) | Што гэта такое? ...Штодзённасць. Рысы. Кансерватызм. Сексізм. Абагульненне. Нецярпімасць. Шаблоннасць. Схема. Прынцып. Падпарадкаванне. Задача. Дыскрымінацыя. Вульгарнасць. Погляд. Упэўненасць. Культура. Крыўда. Традыцыя. Знявага. Заганы. Недахоп крытычнасці. Недахоп раўнапраўя. Наіўнасць. Страх. |
Голас за кадрам | Мазгавы штурм складаецца з наступных элементаў: вядучы прадстаўляе праблему, тлумачыць прычыны, чаму неабходна заняцца гэтай тэмай, знаёміць з асноўнымі правіламі, прадстаўляе і запісвае ідэі, выказаныя ўдзельнікамі, задае пытанні, патрабуе тлумачэнняў, аналізуе і ацэньвае прадстаўленыя ідэі і прапанаваныя рашэнні. Удзельнікі мазгавога штурму павінны працаваць, абапіраючыся на некалькі правіл. Вось найважнейшыя з іх: не каментуем і не крытыкуем агучаныя ідэі; кожнае выказванне добрае, таму запісваем усе прапановы ў такой форме, як іх агучыў аўтар; асноўнае значэнне мае колькасць ідэяў, а не якасць; можна развіваць і паглыбляць думкі, якія былі агучаныя раней іншымі вучнямі; усе ўдзельнікі групы маюць аднолькавыя правы; выказваемся толькі з дазволу вядучага. Давайце паназіраем, як пры дапамозе мазгавога штурму польскія ліцэісты высвятляюць, што такое "стэрэатып”. Падлеткі ўпершыню на ўроку, прысвечаным гендэрнай праблематыцы. |
Магдалена Хонкіш, настаўніца (Гдыня, Польшча) | Спадарства, на аснове асацыяцый вы будзеце прыгадваць нейкія паняцці. А пазней мы паспрабуем напісаць азначэнне слова "стэрэатып”. Калі ласка, запрашаю. Прынцыпы працы такія: не смяемся адзін з аднога, не крытыкуем. Асацыяцыі могуць быць розныя, аднак толькі без непрыстойнасцяў. Калі ласка… |
Ліцэіст | Перакананне… |
Магдалена Хонкіш, настаўніца (Гдыня, Польшча) | Перакананне… |
Ліцэіст | Погляды. |
Ліцэіст | Перадузятасць. |
Магдалена Хонкіш, настаўніца (Гдыня, Польшча) | Хуценька, хуценька… |
Ліцэістка | Вобраз. |
Магдалена Хонкіш, настаўніца (Гдыня, Польшча) | Вобраз: чагосьці? кагосьці? Так?... Занадта мала, каб пачаць выпрацоўваць азначэнне… |
Ліцэіст | Рэлігія. |
Ліцэістка | Спосаб успрымання. |
Магдалена Хонкіш, настаўніца (Гдыня, Польшча) | Ну, можа быць, яшчэ пяць… |
Ліцэістка | Культура. |
Магдалена Хонкіш, настаўніца (Гдыня, Польшча) | Не чую. |
Ліцэістка | Культура. |
Ліцэіст | Скрыўлены вобраз. |
Магдалена Хонкіш, настаўніца (Гдыня, Польшча) | Крывое люстэрка. |
Ліцэіст | Можа, факт? |
Магдалена Хонкіш, настаўніца (Гдыня, Польшча) | Але гаворка пра газету "Факт”? |
Ліцэіст | Не, гаворка не пра газету… |
Магдалена Хонкіш, настаўніца (Гдыня, Польшча) | Яна таксама магла б быць! Яшчэ тры… Ужо з гэтага мы маглі б стварыць азначэнне, але давайце падумаем… Я пералічу напісанае, можа камусьці яшчэ прыйдзе нешта ў галаву… Погляд, прадузятасць, культура, крывое люстэрка, паводзіны, факт, спосаб успрымання, рэлігія, вобраз чагосьці ці кагосьці… Што я тут напісала? |
Ліцэісты | Націск! |
Магдалена Хонкіш, настаўніца (Гдыня, Польшча) | Націск... Перакананне, погляд… |
Ліцэістка | Нецярпімасць. |
Магдалена Хонкіш, настаўніца (Гдыня, Польшча) | Нецярпімасць. Добра!.. А яшчэ спадарства штосьці назаве? |
Ліцэіст | Фальш. |
Магдалена Хонкіш, настаўніца (Гдыня, Польшча) | Я напішу фальшывы, так будзе бліжэй да мадэлі азначэння… Нехта там штосьці сказаў… |
Ліцэіст | Дыскрымінацыя. |
Магдалена Хонкіш, настаўніца (Гдыня, Польшча) | Дыскрымінацыя. Вельмі добра… Ну і каб яшчэ адно слова на "не-” было б… Ці на -ючы. Я падкажу: дыскрымінуючы… Давайце зараз дамовімся. Як вы цяпер сядзіце па парах, то разам паспрабуйце скласці азначэнне. Можаце выкарыстаць усе тыя паняцці, што мы тут запісалі. Ці, прынамсі, іх ільвіную долю. А, можа, у вас будуць новыя асацыяцыі. Вы таксама можаце абапірацца на прыклад. Але ён павінен быць дапаўненнем да азначэння. Вы напішаце: сітуацыя выглядае вось так і дасцё прыклад. Вам на гэтае тры хвіліны. Працуйце на лістках. Падпішыце іх. Працуйце над азначэннямі! |
Фрагмент 7. |
Метад праектаў |
Голас за кадрам | Метад праектаў дастаткова папулярны ў польскай адукацыі. Ён выкарыстоўваецца і падчас гендэрнага навучання. Праект з’яўляецца шэрагам заданняў, аб’яднаных адной мэтай і агульным зместам. Вучні праяўляюць тут высокую самастойнасць. Але гэта не азначае, што педагог не можа запланаваць праект. Апроч таго, настаўнік ці настаўніца могуць каардынаваць працу вучняў. Ці нават кантраляваць выкананне хатняга задання ў працэсе яго падрыхтоўкі. Праект можа быць звязаны са школьнай праграмай аднаго ці некалькіх прадметаў. Ён таксама можа мець дачыненне з мясцовымі справамі. |
Магдалена Хонкіш, настаўніца (Гдыня, Польшча) | Гэта быў урок гісторыі ў трэцім класе гімназіі. Таму мы ўжо завяршаем вывучэнне прадмета. Вы бачылі метад праектаў. Два тыдні таму вучні пачалі сваю працу. Яна звязана з адзначэннем Міжнароднага дня жанчын. Трэба было прадставіць жаночыя лёсы цягам стагоддзяў. Клас быў падзелены на групы. Неабходна было сабраць дакументацыю,. Напрыклад, так, як гэта было прадстаўлена ў дачыненні да ХХ стагоддзя. Вучні павінны былі сканцэнтравацца на такіх аспектах гісторыі жанчын у старажытнасці, сярэднявеччы, у Новы час, у ХІХ і ХХ стагоддзях: напрыклад, ці былі ў іх нейкія правы ці не было, якая ў іх была эканамічная, палітычная, сацыяльная сітуацыя. Якое адзенне насілі жанчыны? Гэта цікава школьнікам. Якія практыкаваліся звычаі? Якія асобы вядомыя з таго перыяду? Гэта маглі быць літаратурныя героі ці гістарычныя фігуры, якія адлюстроўваюць вобраз жанчын той эпохі. Школьнікі падрыхтавалі плакаты з менавіта такімі раздзеламі. Потым адбылася прэзентацыя вучнёўскіх прац, на якіх паказаны падзеі, што ахопліваюць лёсы жанчын. Я цудоўна ўсведамляю, што не ўсе праводзяць такія ўрокі, таму стаяла задача ўпарадкаваць веды вучняў, звярнуць увагу на розныя аспекты. 8 Сакавіка плакаты будуць вывешаны на калідоры, каб іншыя вучні змаглі пазнаёміцца з гэтай інфармацыяй. У працах ёсць крыху гісторыі, крыху ілюстрацый, – адным словам, такія матэрыялы, якія прадставяць лёсы жанчын у мінулыя часы. Я рэкамендую гэты метад, бо вучні рыхтуюць матэрыялы дома. Каб выканаць гэтае заданне, яны карыстаюцца рознымі крыніцамі. Школьнікі звяртаюцца да літаратуры, жывапісу. Яны нешта шукаюць у Інтэрнеце. Цікавяцца юрыдычнымі нормамі. Што важна? Трэба дакладна паведаміць вучням, што мы хочам убачыць, што павінна быць на гэтых плакатах, якая інфармацыя там мусіць змяшчацца, каб потым можна было патрабаваць выканання і ацаніць працу. Істотны момант у тым, што дзеці вучацца ўпарадкоўваць і класіфікаваць матэрыялы. Яны робяць выбар паміж важным і менш важным. Набываецца навык працы ў групе. Яе члены нясуць супольную адказнасць, бо атрымліваюць агульную ацэнку. Таму вучні павінны ўсведамляць, што яны мусяць падзяліць ролі ў групе і разам працаваць на адзнаку. Дзеці вучацца выказвацца, бо яны павінны прадставіць свае матэрыялы іншым людзям. І тут яны таксама мусяць падзяліць ролі. Я звяртаю ўвагу на тое, каб кожны мог нешта сказаць падчас прэзентацыі, бо часта здараецца так, што з’яўляецца лідэр. І ён дамінуе ў групе. А гэта непрымальна, калі ён вядзе рэй і не дае магчымасці выступіць іншым. Такі метад дазваляе праявіць сябе не толькі тым, хто заўсёды першы. Выяўляецца, што астатнія могуць мець мастацкія здольнасці, эстэтычнае пачуццё, быць добрымі арганізатарамі, умець сабраць матэрыялы ў цэлае. Гэта рэчы, якія цяжка ацаніць у штодзённай працы, а метад праектаў дазваляе гэтае зрабіць. Апроч таго, гэтай тэмы няма ў школьных праграмах і немагчыма занадта шмат урокаў пасвяціць на яе. Таму вучні павінны многа працаваць самастойна, каб прадставіць вынікі сваёй дзейнасці. Я яшчэ хачу падказаць вам, што трэба дакладна вызначыць, што будзе ацэньвацца. Гаворка ідзе пра змест, супрацоўніцтва ў групе, спосаб прэзентацыі. Пра апошняе. Тут неабходна зрабіць так, каб ён быў выразны, каб можна было выдзеліць асноўнае і дробныя дэталі, напрыклад, малюнкі, ілюстрацыі. Пагроза пры рабоце такая: нешта ў групе можа не працаваць. Гэта па-першае. Таму групы не могуць быць вялікімі. Тады лепей заўважыць непрацуючага. Можна запатрабаваць, каб група прадставіла схему паводле якой трэба ацэньваць яе членаў, уклад кожнага. Тады будзе вядома, колькі зрабіў адзін, колькі – другі і гэтак далей. І тады нам лепей будзе ацаніць фактычны ўнёсак паасобных ўдзельнікаў групы. Калі не будзе дакладных, выразна сфармуляваных указанняў, то ўсё можа пайсці не так, як планавалася. Дзеці не павінны мець занадта шмат часу. Калі б я дала заданне месяц назад, то яны б забылі пра яго. Такім чынам, найлепей два тыдні на невялікую працу. Натуральна, калі заданне больш сур’ёзнае, то і часу трэба больш, бо дзеці павінны сабраць болей матэрыялаў. Але ў гэтым выпадку варта намаляваць схему з падзелам на групы і перыядычна іх правяраць, каб пабачыць, што яны зрабілі, каб не аказалася так, што ў апошні дзень мы будзем нешта выконваць замест іх. |
Фрагмент 8. |
Міжпрадметныя сувязі |
Голас за кадрам | Гендэрная асвета вымагае комплекснага падыходу. Тут можна актыўна выкарыстоўваць міжпрадметныя сувязі. Вось невялікі прыклад. Падчас урока па гісторыі настаўніца дае простае заданне з галіны літаратуры. Вядомы ангельскамоўны верш, апублікаваны амаль дзвесце гадоў назад, выдатна ілюструе стэрэатыпныя патрыярхатныя ўяўленні пра дзяўчынак і хлопчыкаў. |
Магдалена Хонкіш, настаўніца (Гдыня, Польшча) | Я папрашу, каб хтосьці прачытаў дзіцячы вершык… Хто лепей і гучней дэкламуе? Калі ласка, Кшыштаф… Мы застаёмся… Я хачу, каб адзін Кшыштаф прачытаў па-ангельску, а другі Кшыштаф – па-польску. |
Кшыштаф І (Гдыня, Польшча) | З чаго толькі зроблены хлопчыкі? З калючак, ракавінак І зялёных жаб, Вось з гэтага зроблены хлопчыкі. З чаго толькі зроблены дзяўчынкі? З цукерак і пірожных, З ласункаў разнастайных, Вось з гэтага зроблены дзяўчынкі. |
Магдалена Хонкіш, настаўніца (Гдыня, Польшча) | І Кшыштаф прачытае па-польску, бо можа хтосьці штосьці не дачуў... |
Кшыштаф ІІ (Гдыня, Польшча) | Z czego zrobieni są chłopcy mali? Z czego zrobieni są chłopcy mali? Z ropuch, ślimaków, ogonów szczeniaków. Oto, z czego powstali. Z czego zrobiono dziewczynki małe? Z czego zrobiono dziewczynki małe? Z cukru, wonności i wszelkiej słodkości. Oto, z czego są całe. |
Фрагмент 9. |
Тэматыка гендэрных заняткаў |
Голас за кадрам | Гендэрная асвета робіць першыя крокі ў сістэме беларускай адукацыі. Таму яшчэ няма праграмы, дзякуючы якой вучні атрымаюць комплексныя веды. Асобныя спробы прапанаваць планаванне пакуль не абапіраюцца на сусветны досвед, які ўлічвае шматграннасць гендэрнай праблематыкі. У выніку атрымліваецца не навучанне, скіраванае на адкрытую размову пра становішча палоў ва ўсіх сферах сацыяльнага жыцця, а курс, які шмат у чым нагадвае колішнюю этыку сямейных адносін. Аднак сутнасць гендэрнай асветы заключаецца ў тым, каб даць грунтоўнае ўяўленне аб правах жанчын і мужчын, прадэманстраваць рэальную сітуацыю абодвух палоў у грамадстве, паказаць шляхі дасягнення сапраўднай роўнасці гэтых груп. Навучанне ў такім напрамку немагчымае без звароту да праваабарончай тэматыкі. Таму ў Польшчы курс прасякнуты дэмакратычнымі ідэямі. Гендэрная асвета супрацьстаіць праявам дыскрымінацыі па палавой прыкмеце. Педагогі распавядаюць пра сённяшнія выпадкі неталерантнасці, прыводзяць прыклады парушэнняў правоў у гісторыі. |
Магдалена Хонкіш, настаўніца (Гдыня, Польшча) | Я хацела вам сказаць, што, напрыклад, у Вялікабрытаніі яшчэ ў шасцідзесятыя і семідзесятыя гады ХХ стагоддзя жанчыны не маглі рабіць кар’еру ў навуцы. У іх не было магчымасці абараніць доктарскую дысертацыю. І частка з іх выязджала ў ЗША, у Вайомінг, бо гэта быў адзіны штат, дзе можна было рабіць навуковую кар’еру. Тут атрымлівалі званне прафесаркі. У іншых штатах было такім чынам: у саракавыя гады права займацца навуковай кар’ерай заваявалі яўрэі, потым, у шасцідзесятыя, – негры, а на мяжы семідзесятых і васьмідзесятых гадоў – жанчыны. |
Фрагмент 10. |
Новы погляд на глабальныя праблемы |
Голас за кадрам | У Польшчы тэматыка гендэрнай асветы грунтуецца на дасягненнях сучаснай навукі. Вучні знаёмяцца з рознымі аспектамі гендэралогіі і феміналогіі. Гэта дзве звязаныя паміж сабой міждысцыплінарныя галіны ведаў. Гендэралогія даследуе ўзаемаадносіны жанчын і мужчын у сацыяльным аспекце. Феміналогія вывучае становішча і сацыяльныя ролі жанчыны ў сучасным свеце. У ёй раскрываюцца асноўныя сацыяльна-эканамічныя, палітычныя і духоўныя праблемы жанчын, распавядаецца пра жаночы рух, аналізуецца гендэрная ўзаемасувязь як аснова роўнасці мужчын і жанчын. Пры вывучэнні курса важна азнаёміць школьнікаў з наступнымі паняццямі: гендэр, стэрэатып, гендэрныя ролі, маскуліннасць, феміннасць, патрыярхат, гендэрныя адносіны, дыскрымінацыя, сексізм, гендэрныя праблемы, гендэрны падзел працы, жаночы рух, "жаночае пытанне”, гендэрная палітыка, гендэрная роўнасць. Тлумачэнне гэтых тэрмінаў даволі лёгка знайсці ў Інтэрнеце. Трэба памятаць, што гендэрная асвета, якая складаецца з гендэралогіі і феміналогіі, – гэта не толькі дадатковы курс, але і новы пункт гледжання на праблемы чалавека і грамадства. З ім варта азнаёміцца і настаўнікам, і вучням. |
Навучальны фільм зроблены Віцебскім жаночым клубам у 2010 годзе
Стваральнікі стужкі ўдзячныя за разнастайныя формы падтрымкі і супрацоўніцтва наступным арганізацыям і ўстановам:
Фонду для недзяржаўных арганізацый (Варшава, Польшча)
Фонду "Fundusz Współpracy” (Варшава, Польшча)
Нарвежскім фінансавым механізмам (Брусель, Бельгія)
Фінансавым механізмам Еўрапейскай эканамічнай зоны (Брусель, Бельгія)
Украінскаму жаночаму фонду (Кіеў, Украіна)
Адукацыйнаму таварыству "Wiedza Powszechna” (Гданьск, Польшча)
ІІІ агульнаадукацыйнаму ліцэю імя польскага ВМФ (Гдыня, Польшча)
сярэдняй школе № 25 (Віцебск, Беларусь)
Аб’яднанню "NEWW-Polska” (Гданьск, Польшча)
Фонду для недзяржаўных арганізацый (Варшава, Польшча)
Фонду "Fundusz Współpracy” (Варшава, Польшча)
Нарвежскім фінансавым механізмам (Брусель, Бельгія)
Фінансавым механізмам Еўрапейскай эканамічнай зоны (Брусель, Бельгія)
Украінскаму жаночаму фонду (Кіеў, Украіна)
Адукацыйнаму таварыству "Wiedza Powszechna” (Гданьск, Польшча)
ІІІ агульнаадукацыйнаму ліцэю імя польскага ВМФ (Гдыня, Польшча)
сярэдняй школе № 25 (Віцебск, Беларусь)
Аб’яднанню "NEWW-Polska” (Гданьск, Польшча)
У фільме выкарыстаны матэрыялы сайта для настаўнікаў www.nastaunik.info (Менск, Беларусь)