Крок да роўнасці | Krok ku równości
Шаг к равенству | Step towards equality

Воскресенье, 28.04.2024, 22:00

Вітаю Вас Гость | RSS
Галоўная | Гендэрная бібліятэчка | Рэгістрацыя | Уваход
Меню сайта

Катэгорыі каталога
Прэса аб праграме [78]

Наша апытанне
Выкладанне асноў гендэралогіі ў беларускіх школах…
Усяго адказаў: 57

Галоўная » Артыкулы » Прэса аб праграме » Прэса аб праграме

“Рэдакцыйная пошта”
 
 
Выдатнага часу сутак, дарагія сябры!
Сёння пачынаю з невясёлага ліста.
Наша даўняя слухачка з Магілёва Яўгенія Цюркіна ў разгубленым стане. Так вынікае з яе нядаўняга ліста. Спадарыня Цюркіна не можа злавіць перадачы а 16.30 і 19.30 паводле менскага часу. З рэтрансляцый а дваццатай гадзіне наша прыхільніца даведалася, што гэтыя кароткахвалевыя выпускі па-ранейшаму існуюць.
Аднак у яе склалася ўражанне, што “перадач увогуле няма”. На думку спадарыні Цюркінай, трансляцыі Польскага радыё для замежжа на кароткіх хвалях у Магілёве глушацца.
Так, наша прыхільніца мае рацыю. Але часткова. Перадач няма. Праўда, выключна на тых хвалях, якія выкарыстоўваліся Беларускай рэдакцыяй у зімовы перыяд. Мы перайшлі не толькі на іншыя частоты, а яшчэ і дыяпазоны памянялі. Раней вяліся трансляцыі на 41 і 49 метрах. З 29 сакавіка мы працуем на 25 і на 31 метры. Нагадаю, а 16.30 менскага часу Варшаву чутно на частотах 9440 і 11975 кілагерц. А 19.30 Польскае радыё для замежжа можна прыняць на 9670 кілагерцах.
Яўгенія Цюркіна расчаравана піша: “У красавіку мне ўдалося пачуць перадачы з Варшавы толькі 2 разы. Выключна а дваццатай гадзіне і толькі бываючы на лецішчы”. Натуральна, што зрабіць гэта ўдалося з вялікімі намаганнямі. Наша сяброўка прымала перадачу, размясціўшы прыёмнік у сабачай будцы. А што зробіш? У іншых закуточках дачы прыёму не было. На ўсходзе Беларусі чутнасць на 1557 кілагерцах вымагае часам вось такіх нестандартных рашэнняў. Галоўнае – якасна паслухаць праграму. Да слова, рапарты Яўгеніі Цюркінай сведчаць, што нашай прыхільніцы ўдалося прыняць выпускі а 20.00 на неблагім узроўні. Абедзве рэтрансляцыі атрымалі па “чацвёрцы”.
Аднак не толькі прыём ці, дакладней, ягоная адсутнасць хвалюе магіляўчанку. Спадарыня Цюркіна піша: “...я цяпер працую над гендэрнай віктарынай”. Наша сяброўка паабяцала праз нейкі час прыслаць спіс выдатных дзяячак з розных краін. Што ж, буду вельмі чакаць! 
Яніну Дзямешчанку з Віцебска таксама зацікавіў гендэрны конкурс. Яна прыслала адказ. Гэта вялікая праца. Прапановы выдатных жанчын сур’ёзна абгрунтаваныя. Выглядае на тое, што наша сяброўка нямала пасядзела ў бібліятэцы, каб напісаць свой спіс знакамітых прадстаўніц жаночага полу. 
Між іншым, шаноўныя слухачы, пасля завяршэння конкурсу я на аснове вашых прапаноў складу рэйтынг выбітных жанчын. Ён прагучыць у эфіры. Рэйтынг можна будзе знайсці на двух сайтах: www.schoolgender.do.am i www.gender.do.am. Гэта – Інтэрнет-старонкі міжнароднай гендэрнай праграмы “Крок да роўнасці”, якая фундуе ўзнагароды.
А зараз – традыцыйна – я прачытаю ўмовы нашага конкурсу.
Назавіце самаменш па пяць прозвішчаў славутых беларусак, вядомых полек і знакамітых жанчын з любых іншых краін. Абгрунтуйце свой выбар. Шаноўныя сябры! Свае прапановы выбітных жанчын дасылайце не пазней за 31 траўня 2009 года. У чэрвені будуць падведзеныя вынікі. Пераможцы атрымаюць цікавыя ўзнагароды. Між іншым, ужо вядома, што ўяўляе сабой гран-пры конкурсу. Гэта –  каштоўная рэч. А, дакладней, радыёпрыёмнік “Grundig” з рознымі дыяпазонамі, у тым ліку з кароткімі хвалямі. За такую высакаякасную апаратуру варта пазмагацца!
Дарэчы, пра прымачы. Ці, дакладней, дзе іх можна знайсці. Наш слухач з Горадні Іван Раткевіч піша пра адзін з апошніх нашых конкурсаў: “...Вы гаварылі , што аднаму пераможцу віктарыны даслалі добры новы радыёпрыёмнік “Grundig”. Пытанне: дзе яго (нават у Польшчы) можна набыць і колькі ён каштуе?”.
Адказваю. Фірма “Grundig” выпускае мноства прымачоў. Розныя маркі каштуюць неаднолькава. Напрыклад, “Grundig Yacht Boy 80” я купіў за 499 злотых. Аднак можна знайсці тэхніку і ўдвая таннейшую. Скажам, “Grundig Yacht Boy 50” ацэньваецца амаль у 188 злотых. Усё залежыць ад функцыянальных здольнасцяў мадэлі.
Купіць прыёмнік “Grundig” у Беларусі складанавата. Падазраю, што нават Інтэрнет-крамы нам тут асабліва не дапамогуць. Нейкія прапановы мае расійскі электронны гандаль. У Польшчы таксама праблемна з набыццём прыёмнікаў. Няшмат магазінаў прадае тэхніку, здатную лавіць кароткія хвалі. Радыёпрыёмнікі, якія ў апошніх конкурсах выйгралі нашы прызёры, купляліся ў краме “Saturn” у гданьскім гандлёвым цэнтры “Galeria Bałtycka”.
Калі будзе новая інфармацыя пра магчымасці купіць “Grundig” у Польшчы, то я, канешне, паведамлю.            
Шаноўныя сябры! Я сардэчна ўдзячны за ўсе прысланыя лісты. З нецярпеннем чакаю ад вас новую карэспандэнцыю на самыя розныя тэмы.
Калі ласка, пішыце на наступны адрас Польскага радыё для замежжа: а/с 45, г. Віцебск, 210015, Беларусь.
Свае лісты вы можаце таксама накіроўваць непасрэдна ў рэдакцыю. Адрас гучыць так: Беларуская служба Польскага радыё для замежжа, P. О. Box 46, 00-977 Warszawa, Польшча.
Нашы палескія слухачы могуць адпраўляць свае пісьмы на адрас: абаненцкая скрынка 28/78, г. Вінніца, 21027, Украіна.
З намі таксама можна вельмі аператыўна кантактаваць па электроннай пошце. Рэдакцыйны e-mail гучыць так: by@polskieradio.pl.
Польскае радыё для замежжа пастаянна прысутнае ў Інтэрнеце. Таму, калі ласка, рэгулярна наведвайце наш рэдакцыйны сайт у Сеціве. Кожны дзень тут можна знайсці самую разнастайную тэкставую ды гукавую інфармацыю, а таксама фотаздымкі пра падзеі і факты ў Польшчы, Беларусі, Еўропе ды свеце. Адрас web-старонкі ў Інтэрнеце: www.radyjo.net.
Категория: Прэса аб праграме | Добавил: viator (25.04.2009) | Автор: Юрый Сцяпанаў
Просмотров: 1193 | Рейтинг: 0.0/0 |
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *:
Форма Уваходу


Пошук

Сябры сайта
Адукацыйныя і асветніцкія сайты [6]
Гендэрныя веды [2]
Гендэрныя грамадскія арганізацыі, праекты і праграмы [11]
Сайты сексуальных меншасцяў [5]
Сацыяльныя сайты [3]
Спонсарскія структуры [9]
Радыё [20]
Прэса [9]
Інфармацыйныя агенцтвы [4]
Іншыя рэсурсы [1]

Статыстыка


Гэты рэсурс дафінансоўваецца Міністэрствам замежных справаў Рэспублікі Польшча ў межах праграмы “Polska Pomoc”.
Сайт выказвае выключна меркаванні сваіх аўтараў і не мае ніякага дачынення да афіцыйнай пазіцыі польскага МЗС.
Copyright © 2008-2024 by gender.do.am. Designed by viator 2008 © all rights reserved.
Пры выкарыстанні матэрыялаў у друку спасылка на крыніцу інфармацыі абавязковая.
Пры выкарыстанні матэрыялаў у Інтэрнеце просім даваць прамую гіперспасылку на gender.do.am.
Ідэя сайта распрацавана Юрыем Сцяпанавым.